Яшчэ ў 2009 г. гарадзенскі рынак "АўтаКоміс" нагадваў мурашнік. Цяпер буйным яго не назавеш... У продажы не больш як паўсотні аўтаў -- і тыя не набываюць, а абменьваюць. АЛЕГ ГАРАЦКЕВІЧ, СПЕЦЫЯЛІСТ У ПРОДАЖАХ «ТРАНЗІТ-М»: "У "АўтаКомісе" продажаў ужо два месяцы папросту няма. Адбываюцца нейкія абмены. Больш дарагія аўты нам прывозяць на камісію, а таннейшыя забіраюць сабе ў карыстанне". Продажаў няма, бо няма новых коштаў на новыя іншамаркі. Згодна з указам № 36 кіраўніка Беларусі, падатак на дададзеную вартасць з юрыдычных асобаў будуць адлічваць у памеры 20 % ад кошту імпартаванага аўтамабіля.
Да выбараў у Расеі застаецца месяц. Крэмль усімі магчымымі спосабамі хоча давесці: сёлета абіраць прэзідэнта будуць сапраўды дэмакратычным чынам. Навінкаю сезону сталіся вось гэтыя камеры, што даюць магчымасць кожнаму ахвочаму сачыць за працэсам галасавання. НАВУМ МАРДЗЕР, МІНІСТР СУВЯЗІ: "Дзеля гэтага трэба выбраць нумар участку або ягонае месцазнаходжанне, зарэгістравацца, і 4 сакавіка атрымаць магчымасць у рэальным рэжыме часу назіраць за ўсім, што адбываецца". Ва ўсёй краіне такіх камераў налічваецца больш за 200 000, а гэта мае зменшыць імавернасць фальсіфікацыі вынікаў выбараў.
Цяпер арыштаваных працаўнікоў клімавіцкай міліцыі трымаюць у следчым ізалятары КДБ у Менску. Як кажуць, іх загубіла сквапнасць. Каля паловы сумы, амаль $ 250 000, яны атрымалі яшчэ летась у снежні. І былі затрыманыя пры перадаванні другой паловы грошай. На пытанне "Абектыву", ці давяраюць клімаўчане міліцыі пасля гэтага выпадку, большасць адказала адназначна. АПЫТАННЕ, КЛІМАВІЧЫ: "Месцамі, канечне, прыходзіцца давяраць, але даверу да яе ў мяне з дзяцінства не было". "Міліцыя ў нас славіцца сваёй карупцыяй, некампетэнтнасцю, яны бяруць увесь час -- і даўно гэта вядома".
Віцэ-прэмер Сяргей Румас назваў вынікі прыватызацыі за мінулы год "несуцяшальнымі ды нават правальнымі". На паседжанні калегіі Дзяржаўнага камітэту маёмасці віцэ-прэмер нагадаў, што ў 2011 г. былі прададзеныя дзяржпакеты акцыяў 34 прадпрыемстваў, што ў сем разоў больш за паказчык 2010 г. СЯРГЕЙ РУМАС, ВІЦЭ-ПРЭМЕР: "Але гэта толькі 19 % ад агульнай колькасці таварыстваў, запланаваных да прыватызацыі ў 2011 г. Відавочна, можа зявіцца такая ж праблема і з рэалізацыяй дзяржаўных пакетаў".
Сірыя патанае ў крыві. Людзі не маюць доступу да электрычнасці, лекаў і нават вады. Як Захад спрабуе дапамагчы Сірыі спыніць двухмесячнае супрацьстаянне паміж прэзідэнтам і ягонымі праціўнікамі? Ці магчымы лівійскі сцэнар? Чаму Расея падтрымлівае прэзідэнта Асада? Пра гэта -- у матэрыяле «ПраСвету». А таксама: як у Расеі галасуюць аматары кавы? Карэспандэнт «ПраСвету» Алесь Сіліч пакажа, як намаляваць крызіс. Усё, чым жыў на гэтым тыдні свет, -- у публіцыстычнай праграме «ПраСвет» 3 лютага, а 21:25.