Правілы парушаць не толькі можна, але і трэба. Праўда, толькі ў ложку. У цэнтры тайландскага гораду Пхатхая ложкі пераўтварыліся ў від транспарту. Набіраць на іх нават максімальную хуткасць можна было абсалютна легальна. НІЛЬС КОЛАЎ, АРГАНІЗАТАР СПАБОРНІЦТВА: «Пхатхая -- сапраўды інтэрнацыянальны горад, тут есць людзі з усіх куткоў свету. Удзельнічаюць каманды з Расеі, Францыі, Англіі, Скандынавіі». Гонкі на ложках прайшлі ў Тайландзе ўжо традыцыйна. Шмат хто з удзельнікаў прыязджае на гэты фестываль не толькі павесяліцца, але і прарэкламаваць сваю фірму вось такім незвычайным чынам.
Тэгеран адказвае... ваяўнічаю рыторыкаю. МАСУД ДЖАЗАЕРЫ, АБЯДНАНЫЯ ЎЗБРОЕНЫЯ СІЛЫ: «Мы будзем рэагаваць на любую пагрозу або агрэсію канкрэтным чынам. Наш адказ, несумненна, прымусіць амерыканцаў шкадаваць пра свае дзеянні». Пакуль жа пра свае дзеянні могуць пашкадаваць у Еўропе. Накладзенае тыдзень таму Брусэлем эмбарга на іранскую нафту носіць паэтапны характар і мае канчаткова ўступіць у сілу толькі 1 ліпеня. Тэгеран у адказ пагражае ўжо найбліжэйшым часам спыніць пастаўкі чорнага золата, а гэта амаль 20 % агульнага экспарту мясцовай нафты.
«Белае кола» замкнула Садовае. Больш за тысячу машынаў узялі удзел у аўтапрабезе «За сумленныя выбары», арганізаваным напярэдадні ў расейскай сталіцы. Аўты з белымі стужкамі, балонікамі ды іншымі аздобамі белага колеру запаволілі рух на Садовым коле да 20 км/г. З ходнікаў іх падтрымлівалі мінакі. УДЗЕЛЬНІКІ АКЦЫІ: «Я выйшаў, каб падтрымаць аўтапрабег і прайсціся па ходніку па Садовым коле». «Вада камень точыць. Патроху, паціху. Глядзіце, усё больш і больш людзей выступае».
Не так добра склаўся адпачынак у турыстаў, што скарысталіся паслугамі буйнога расейскага тур-аператара «Ланта-тур Ваяж». На момант банкруцтва кампаніі па дамовах з ёй у адпачынку былі і 20 беларускіх грамадзянаў. Пакуль толькі двое з іх паспяхова вярнуліся на радзіму. У Міністэрстве спорту і турызму нам зазначылі, што восем чалавек на адпачынак адправіла афіцыйнае прадстаўніцтва ў Беларусі расейскай кампаніі «Сафітэль», іншыя 10 асобаў выехалі па турыстычных пуцёўках ад іншых беларускіх аператараў, якія таксама карысталіся паслугамі кампаніі.
Пакуль беларускія дзеці, нягледзячы на моцныя маразы, ходзяць у школу, самы вядомы ў краіне першакласнік -- Коля Лукашэнка -- ужо цэлы тыдзень адсутнічае на занятках. Ці палічыць школьная адміністрацыя адпачынак з татам на горналыжным курорце ў Сочы -- паважнаю прычынаю? Тое, што Коля цяпер разам з бацькам, высветлілася пасля рэпартажу аб перамозе Вікторыі Азаранкі на чэмпіянаце ў Аўстраліі ды сустрэчы з расейскім кіраўніком. З 1 верасня ў Беларусі дзее новы Кодэкс аб адукацыі. У дакуменце ёсць цэлы раздзел, прысвечаны «дысцыплінарнай адказнасці навучэнцаў».
Абясцэненыя 10 і 20 рублёў Нацбанк неўзабаве выведзе з ужытку. Увядзе -- 200-тысячную купюру, якая цяпер каштуе ў разы меней, чымся ў 1995 г. 50-тысячная купюра -- з подпісам Станіслава Багданкевіча. Далейшы абвал валюты могуць стрымаць толькі рэформы -- кажа экс-старшыня Нацбанку... СТАНІСЛАЎ БАГДАНКЕВІЧ, ЭКС-СТАРШЫНЯ НАЦБАНКУ: «Дэкларатыўныя планы па бюджэце, па развіцці эканомікі ёсць у нас. Але як дасягнуць гэтых мэтаў -- гэтага няма. Няма праграмы рэформаў да гэтай пары». А без рэформаў «беларускі эканамічны цуд» не можа існаваць без знешніх уліванняў.
«Шляхам пагрозаў і катаванняў з Андрэя выбілі прашэнне аб памілаванні». Гэтая заява жонкі экс-кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава выклікала шматлікія дыскусіі ды імгненную рэакцыю. Беларускі Хельсінкскі камітэт накіраваў свой зварот у Генеральную пракуратуру. ГАРЫ ПАГАНЯЙЛА, БЕЛАРУСКІ ХЕЛЬСІНКСКІ КАМІТЭТ: «З тым, каб яна даследавала гэтыя факты, правяла пракурорскую праверку. Калі маюцца падставы -- адрэагавала на гэта адпаведным чынам і прадставіла нам звесткі па нашым запыце».
У судзе Цэнтральнага раёну Менску Алег Волчак быў сёння не ў звыклай для сябе ролі абаронцы правоў чалавека, а ў ролі абвінавачанага. Разгляд адміністратыўнай справы доўжыўся крыху больш за паўтары гадзіны. Волчака абвінавацілі ў дробным хуліганстве і пакаралі чатырма днямі арышту. Такое рашэнне вынес суддзя Аляксандр Якунчыхін. АЛЕГ ВОЛЧАК, ПРАВААБАРОНЦА: «Калі закінулі ў ІЧС, мяне памясцілі ў камеру, дзе было 12 градусаў, я там за 14 гадзінаў ледзь коней не адкінуў, хаця папярэдзіў: я -- афганец, у мяне 7 захворванняў.