У розныя часы і ў розных кутках свету беларусы дачыняліся не толькі моваю літараў, але і нацыянальных сімвалаў -- бел-чырвонага-белага сцяга ды гербу "Пагоня". АЛЕГ ТРУСАЎ, ТАВАРЫСТВА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ: "Ён вядомы з ХІІІ ст. І наш сцяг вядомы з 1917 г. у такім выглядзе, як ёсць. А вытокі сцяга сягаюць у XIV--XVI стст. Так што мы можам ганарыцца сваёй сімволікаю". Як і ганарыцца тым, што яе захавалі, нягледзячы на гістарычныя перыпетыі беларускай незалежнасці. Апошняе вяртанне сімволікі адбылося яшчэ ў савецкія часы.
На 15 ці нават 20 % падаражаюць аўтамабілі ў дылераў. Прычына -- змены ў падатковым заканадаўстве. Ад Новага года юрыдычныя асобы страчваюць права на льготнае налічэнне падатку на дададзеную вартасць пры ўвозе іншамарак. ПДВ будзе налічвацца, як у Расеі. Пакуль у Беларусі падаткам на дададзеную вартасць абкладаецца толькі розніца паміж коштам рэалізацыі ды коштам набыцця аўтамабіля. З 1 студзеня ПДВ будзе налічвацца з поўнага кошту іншамаркі. Ільгота гэтая надалей будзе дзеяць для фізічных асобаў, што дазволіць захаваць цікаўнасць аўтадылераў да развіцця схемы трэйд-ін, набыцця патрыманага аўта ў залік новага, разлічваюць ва ўрадзе.
Правільна лічыў галасы на выбарах -- стаў міністрам юстыцыі. Кіраваў урадам у Менску -- будзе міністрам у Маскве. Аляксандр Лукашэнка сёння зрабіў шэраг кадравых прызначэнняў. Сяргею Сідорскаму, які яшчэ год таму пайшоў у адстаўку з пасады прэмер-міністра, новую пасаду знайшлі толькі цяпер. Ён будзе міністрам прамысловасці ды аграпрамысловага комплексу ў калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі. Новым жа міністрам юстыцыі Беларусі стане 39-гадовы Алег Сліжэўскі, які дагэтуль быў старшынём Рэспубліканскага працоўнага арбітражу.
На $ 500 больш. Менавіта на такую суму ў пераліку на кожнага жыхара краіны вырасла сукупная вонкавая запазычанасць Беларусі. Статыстыку за першыя дзевяць месяцаў года агучыў Нацыянальны банк. Паводле ягоных падлікаў, Беларусь вінаватая крэдыторам $ 32,5 млрд, што складае амаль 55 % ад валавога ўнутранага прадукту краіны, або амаль $ 3500 на чалавека. За дзевяць месяцаў года сукупны вонкавы доўг вырас больш як на $ 4 млрд, або амаль на 15 %. Пры гэтым прыкладная такая ж сума, $ 4,35 млрд, пайшла на выплату ранейшых пазыках, з чаго $ 765 млн -- на пагашэнне адсоткаў.
Алесь Бяляцкі стаў праваабаронцам года. Словы падзякі за ўшанаванне кіраўніка цэнтру "Вясна" вымушаная была сказаць ад ягонага імя жонка. НАТАЛЛЯ ПІНЧУК, ЖОНКА А. БЯЛЯЦКАГА: "Прыемна ведаць, што цябе падтрымлівае міжнародная супольнасць, але ў першую чаргу вельмі важнае прызнанне сваіх калегаў". Прававая і фінансавая дапамога сотням грамадзянаў Беларусі, рэпрэсаваных палітычным рэжымам, -- галоўная заслуга перад грамадствам праваабарончага цэнтру "Вясна". Менавіта таму ўлады не маглі пагадзіцца на легальнае існаванне арганізацыі.
Беларускі сцяг бярэ пачатак з ваеннага сцяга, які быў далёка бачны на полі бою, за што і выкарыстоўваўся. У 1917 годзе яго вырашылі зрабіць сцягам БНР. "У 70-я гады новае беларускае адраджэнне пачало гэтыя сімвалы вяртаць. Першымі гэта зрабілі нашы пісьменнікі ды мастакі -- Яўген Кулік і Мікола Купава. Потым да іх далучыліся і Марачкін, і скульптары, і дызайнеры. З 1988 года гэтыя сімвалы шырока выйшлі на вуліцы, на плошчы. Нарэшце 19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет прыняў герб "Пагоня" і бел-чырвона-белы сцяг.