Прычыны арышту намесніка кіраўніка МУС застаюцца ўсцяж невядомыя. Высокапастаўленага сілавіка затрымалі яшчэ ў пятніцу, аднак афіцыйная інфармацыя пра гэта зявілася толькі ў панядзелак -- пасля таго, як навіну апублікавалі незалежныя медыі. "Можа, цяпер улады самыя не гатовыя сказаць, што ды як. Магчыма, ім самім не ўсё зразумела, можа, яго нават адпусцяць заўтра-паслязаўтра, таму і не кажуць нікому нічога", -- гаворыць Мечыслаў Грыб, генерал-лейтэнант міліцыі.
Спадзевам Раісы Войташ на спакойную старасць ва ўласным доме не наканавана было спраўдзіцца з-за планаў мясцовага агракамбінату, які літаральна пад вокнамі пенсіянеркі распачаў будаўніцтва новай птушкафабрыкі. Пенсіянерку ж і ейных суседзяў кіраўніцтва паабяцала перасяліць у новае жытло, але... РАІСА ВОЙТАШ, ЖЫХАРКА В. СТРАЛЬЦЫ: "Але яно будзе ведамаснае. Пакуль я жыву, кватэра будзе мая, а як памру -- то не мая. А ў мяне два ўнукі са мною жывуць. Я б хацела, каб гэтае жытло ім засталося".
Вышэй, далей, шпарчэй... Гэтак выглядаюць планы налета не толькі беларускіх спартоўцаў, але ўладаў краіны. Вось толькі іх уласныя амбіцыі могуць мець такі ж сумны вынік, як і сёлета, -- прынамсі, у эканоміцы, лічаць адмыслоўцы "Ліберальнага клубу". АНТОН БОЛТАЧКА, ЭКСПЕРТ «ЛІБЕРАЛЬНАГА КЛУБУ» Ў СФЕРЫ ЭКАНОМІКІ: "Зноў жа мэтавым паказнікам абраны валавы ўнутраны прадукт, рост ВУП, і прычым дастаткова вялікі рост ВУП -- 5,5 %, які надалей можа папросту забіць эканоміку, да нуля".
Пачуццё салідарнасці вядомае і па той бок акіяну. Мітынг супраць пераследу беларускай апазіцыі ды дзеля падтрымання правоў чалавека прайшоў у Нью-Ёрку. Каля сядзібы Арганізацыі Абяднаных Нацыяў удзельнікі акцыі пад бел-чырвона-белымі сцягамі патрабавалі свабоды палітвязням. УДЗЕЛЬНІК ПРАТЭСТУ: "Мы выйшлі сюды, каб выказаць свой пратэст супраць таго, што адбываецца сёння ў Беларусі, адзначыць трагічную гадавіну падзеяў 19 снежня 2010 г. і заявіць пра тое, што мы падтрымліваем дэмакратычныя сілы".
Памаліцца за палітвязняў у Міхайлаўскі сабор Кіева прыйшлі некалькі соцень чалавек. Сярод іх і тыя, хто сам зазнаў пераслед за палітычныя перакананні. ВЯЧАСЛАЎ СІЎЧЫК, РУХ САЛІДАРНАСЦІ «РАЗАМ»: "У храме шмат людзей ці мала -- гэта не мае значэння. Галоўнае, каб людзі шчыра маліліся за тых, каму цяпер цяжка". МІКОЛА ПАРОЎСКІ, СТАРШЫНЯ ХРЫСЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ, КІЕЎ: "Сёння і ўкраінцы, і беларусы разам маліліся, каб палітвязні, якіх кінуў у турмы Беларусі лукашэнкаўскі рэжым, і якія сядзяць у турмах Украіны праз антыдэмакратычны рэжым Януковіча, выйшлі на свабоду".
АЛЕСЬ МІХАЛЕВІЧ, ЭКС-КАНДЫДАТ НА ПРЭЗІДЭНТА: "Мяне заўсёды пераконвалі, што ў Польшчы ўсё ў парадку, і мне нічога не пагражае. А цяпер чарговы раз мы бачым, што польская дзяржава працуе дастаткова дрэнна і не скаардынавана". Затрыманне Міхалевіча стала магчымым, бо на запыт беларускага КДБ ён абвешчаны ў вышук Інтэрполу. Аднак паводле прэс-сакратара Міністэрства замежных справаў Марціна Басацкага, тое, што адбылося, -- памылка, якая балюча нагадвае памылку, ужо здзейсненую польскімі ўладамі пры выдачы беларускаму боку рахункаў Алеся Бяляцкага, які праз гэта апынуўся за кратамі.
І яшчэ адзін эканамічны псеўдарэкорд. Ужо дванаццаты раз ад пачатку года ўгару пайшла стаўка рэфінансавання. Ад сёння яна складае 45 %. Нацбанк тлумачыць гэты крок традыцыйна -- імкненнем абмежаваць інфляцыю ды стабілізаваць эканамічную сітуацыю ў краіне. Ад стаўкі рэфінансавання наўпрост залежаць стаўкі крэдытаў насельніцтву. Гэтак, у студзені крэдыты выдаваліся ў сярэднім пад 17 % гадавых, у лістападзе ж стаўкі даходзілі ўжо нават да 55 %. Частая змена стаўкі рэфінансавання прывяла да таго, што некаторыя банкі прыпынілі выдаванне крэдытаў насельніцтву або абмежавалі прапанову.
З 1 студзеня амаль усе дарослыя беларусы стануць мільянерамі. Менавіта 1 млн руб., згодна з пастановаю Савету Міністраў, мае складаць мінімальная заработная плата. Гэта на 80 000 руб. больш за "мінімалку" ў лістападзе. Таксама ўрад плануе павысіць тарыфную стаўку першага разраду да 200 000 руб., а "мінімалку" за гадзіну працы -- амаль да 6000 руб., ці каля 80 цэнтаў ЗША. Хоць яшчэ ўлетку ўрад адмаўляў магчымасць павышэння тарыфнай стаўкі, а таксама павелічэння "мінімалкі".