Мікалай Аўтуховіч зноўку абвесціў галадоўку. 16 лістапада палітвязня змясцілі ў штрафны ізалятар за непадпарадкаванне адміністрацыі. Ваўкавыскі прадпрымальнік па-ранейшаму не падпісвае папераў аб супрацы з кіраўніцтвам Івацэвіцкай калоніі строгага рэжыму, дзе ён адбывае пакаранне нібыта за незаконнае захоўванне пяці патронаў для паляўнічай стрэльбы. Ваўкавыскі прадпрымальнік, якому інкрымінавалі рыхтаванне тэракту, ужо неаднойчы праводзіў галадоўкі пратэсту. Самая доўгатэрміновая -- трохмесячная галадоўка ў 2009 г.
ТАЦЦЯНА КАЛГІНА, ШМАТДЗЕТНАЯ МАЦІ: «Вось так, наліваць вадзічкі, наліваць парашочачку ледзь-ледзь... Муж навучыў, сказаў: гэта будзе вельмі эканомна. Вось так... І больш вадзічку не ўключаць. Усё. Вадзічку больш не ўключаць ні ў якім выпадку. Калі раптам забываем, мне дзеці нагадваць будуць. Каб я вадзічку не ўключала...» Для шматдзетнай сямі Таццяны ўкласціся ў нарматыў -- 140 літраў вады штодня на чалавека -- вядома, можна: калі мыць посуд раз на дзень, а самім мыцца раз на тыдзень.
«Гэты крэдыт наўрад ці будзе вернуты Расеі -- мы ведаем, што Беларусь не ў найлепшай эканамічнай сітуацыі. І хутчэй за ўсё крэдыт проста спішуць, -- гаворыць эколаг-антыатамнік Андрэй Ажароўскі. -- Ды я не супраць таго, каб Расея падарыла Беларусі гэтыя 9 мільярдаў долараў або каб яны пайшлі на штосьці карыснае, але яны ідуць на пабудову небяспечнага абекту. Гэтага нельга дапусціць, гэта не па-добрасуседску».