Як паведаміў лідар АГП, парламенцкая кампанія для партыі пачалася са 115 адмоваўў на правядзенне пікетаў. На пазачарговым зездзе 28 ліпеня ў Менску АГП вылучыла 57 спікераў - патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. "Мы не прыхільнікі ігнаравання таго, што адбываецца. Мы пойдзем да людзей праз магчымасці, якое падае дзяржаўнае тэлебачанне, радыё, газеты. Тыя, хто свядома не прыйдзе на выбарчыя ўчасткі, хто прагаласуе супраць усіх, гэта і ёсць патэнцыял і прыхільнікі АГП. Думаю , такіх людзей будзе вялікая колькасць ", - заявіў Лябедзька.
І вяртаемся ў нашую краіну, дзе адбываецца свята... жартаў. А яно ў нас -- як Алімпіяда: раз на чатыры гады. У вёсцы Малыя Аўцюкі на Гомельшчыне адбываецца сёмы Усебеларускі фестываль гумару. На некалькі дзён палеская вёска ператварылася ў рэспубліку гумару і жартаў з уласнаю мытняю і пячаткаю. "Чым багаты край палескі? Тут лугі і пералескі, рэкі шумныя, азёры, шчыры наш народ бадзёры, шчыры ён і працавіты і на ўсё таленавіты!" Гэтак палешукі вітаюць гасцей на свяце народнага гумару. На гэты кароткі час (усяго два дні) вёскі Аўцюкі -- і Малыя, і Вялікія -- ператвараюцца ў асобную краіну.
У сталіцы маем літаратурныя музеі Купалы, Багдановіча, Коласа, Броўкі... Няма -- музею сучаснага класіка і народнага пісьменніка -- Васіля Быкава. Але хутка паўстане пад Менскам -- на базе лецішча творцы, якога шмат хто лічыць сумленнем нацыі. Аднак будзе ён адно філіялам Дзяржаўнага музею гісторыі беларускай літаратуры і не распавядзе наведнікам пра пісьменніка ўсяго. Чаму? "Вось -- Быкаў на Гарадзеншчыне, стэндзік пакуль сціплы..."
У добрым гуморы былі не ўсе, хто хацеў набыць сёння квіткі на гульню з англійскім "Ліверпулам". Ад раніцы квіткі прадаваліся паводле адмысловых спісаў. І не дзіўна: такой знакамітай каманды ў горадзе на Сожы яшчэ не было. Як не было і такіх высокіх коштаў на спартовае відовішча. ЗАЎЗЯТАР: "Прыезд такой каманды ў Гомель -- рэч не звычайная для нашага гораду. Таму квіткі нават набываю не ў той сектар, што звычайна, а хаця б у які-небудзь. У прынцыпе, я б і больш заплаціў".
ТАДЖЫКІСТАН ПРЫЗНАЎ АХВЯРЫ На Паміры пакуль пераміре, пра што заяўляюць улады Таджыкістану. Прызнаюць яны і смерць мірных жыхароў у часе ваеннай аперацыі ў Горна-Бадахшанскай аўтаномнай вобласці. Што праўда, толькі адну. Мясцовыя ж у сваю чаргу кажуць пра дзясяткі ахвяраў. Генеральная пракуратура Таджыкістану падала афіцыйныя вынікі спецаперацыі ў Горна-Бадахшанскай аўтаномнай вобласці. Паводле іх загінулі 17 працаўнікоў сілавых структураў і 30 баевікоў, а таксама адзін мірны жыхар, больш за 40 баевікоў арыштаваныя.
З Акрэсціна -- у Смаленск пад канвоем. Такі шлях прайшоў расейскі фізік-ядравік Андрэй Ажароўскі. На 10 дзён арышту яго асудзілі падчас візіту Дзмітрыя Мядзведзева -- нібыта за "дробнае хуліганства". Тады Ажароўскі спрабаваў перадаць у расейскую амбасаду петыцыю супраць Астравецкай АЭС. Цяпер яму на 10 гадоў забаронены ўезд у Беларусь. Андрэя Ажароўскага з Беларусі выслаў не суд. Паводле дакументаў, справу навукоўца і эколага разглядаў намеснік кіраўніка Маскоўскага РУУС сталіцы. Ажароўскага нават запрасілі на паседжанне -- а 8-й раніцы.
Доўгатэрміновае спатканне Сяргея Каваленкі з роднымі скончылася. Сёння ад палітвязня выйшлі жонка і сын. Каб быць побач з блізкімі ды дзецьмі, Сяргей Каваленка напісаў прашэнне аб памілаванні. Аднак гэта не дапамагло: актывіст застаецца за кратамі, і калі зноў атрымаецца ўзяднацца з сямёю -- не вядома.
Скончыўся тэрмін прыёму дакументаў на бюджэтныя аддзяленні вышэйшых навучальных установаў. Сёлета ўступная кампанія праходзіць згодна з новымі правіламі. Універсітэты падпісваюць з абітурыентамі дамовы, дзе пазначаная сума, якую выпускнік абавязваецца выплаціць пры адмове ад прымусовага размеркавання. У некаторых выпадках гэтыя сумы сягаюць амаль 20 000 долараў.