Слова "дах", якое аднолькава гучыць па-нямецку ды па-беларуску, дало назву і фестывалю эксперыментальнага мастацтва, які штогод праходзіць ў Менску і ў Берліне. Аднак сёлета арганізатары вырашылі абмежавацца толькі нямецкаю пляцоўкаю. Чаму беларускіх аматараў мастацтва пазбавілі арт-навінак? Народныя спевы гучалі зусім не ў беларускай вёсцы. Менавіта гэтак нашыя суайчыннікі вырашылі павітаць нямецкіх аматараў мастацтва. Фестываль "Дах", што адчыніўся ў Берлінскім арт-цэнтры "Тахэлес", сабраў самых розных творцаў з нашай краіны.
Напярэдадні 49-га Дня народзінаў Алеся Бяляцкага словы "віноўнік свята" гучаць двухсэнсоўна. Праваабаронца, якога вінавацяць у нясплаце падаткаў, ужо другі месяц застаецца за кратамі. АЛЕНА ТАНКАЧОВА, ПРАВААБАРОНЦА: "Я віншую цябе з Днём народзінаў, я ведаю, што ты мусіш быць у гэты дзень разам з сямёй, але ты таксама мусіш ведаць: у гэты дзень мы ўсе думаем пра цябе і думаем пра тваё свята..." З ліста ж, які Бяляцкі даслаў сябрам з СІЗА на вуліцы Валадарскага, бачна: праваабаронца нават там не губляе настрою.
Такія бізнес-цэнтры ў нашай краіне хутка апусцеюць -- бюць трывогу эксперты. Адток прадпрымальніцтва з Беларусі -- праблема хоць не новая, але на фоне валютнага крызісу набыла чарговы і вельмі небяспечны віток. АЛЯКСАНДР СІНКЕВІЧ, ЭКАНАМІСТ: "Спажывецкі попыт цяпер рэзка знізіўся ў Беларусі, заробкі ў далярах значна знізіліся, таму попыт насельніцтва ўпаў, і на чарзе падзенне попыту прадпрыемстваў". Акрамя рэзкага падзення спажывецкага попыту, эканамісты называюць і старыя балячкі -- прэсінг з боку дзяржавы ды фінансавую нестабільнасць у краіне.
Сустрэча з Міхаілам Мясніковічам, самалёт у Маскву ды вяртанне, каб цягам 15 хвілінаў абмеркаваць тыя ж пытанні ўжо з Аляксандрам Лукашэнкам. Беларускі бок усяляк дэманстраваў жаданне хуткага заканчэння перамоваў з кіраўніком "Газпрому" Аляксеем Мілерам. АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ БЕЛАРУСІ: "Заўсёды гэтае пытанне становіцца палітычным, калі мы адкладваем на доўгі час вырашэнне пытанняў з "Газпромам". Хацелася б, каб мы аператыўна вырашалі гэтыя пытанні". Хоць, як можна меркаваць паводле скупых паведамленняў дзяржаўных медыяў, прынамсі пакуль дакументы аб будучых цэнах на "блакітнае паліва" ды продажы "Белтрансгазу" застаюцца без подпісаў.
Тым часам жыхары Палестыны выйшлі на вуліцы, вітаючы прамову свайго лідара Махмуда Абаса ў ААН. Ля кантрольна-прапускнога пункту побач вёскі Каляндыя (Qalandiya) адбыліся сутычкі палестынцаў з ізраільскімі жаўнерамі. Моладзь пачала кідаць камянямі ў вайскоўцаў, жаўнеры ўжылі слезацечны газ. Сутычкі працягваліся пяць гадзінаў, некалькі палестынцаў былі параненыя.