Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель назвала «цалкам непрымальным» стаўленне рэжыму Лукашэнкі да дэмакратычнай апазіцыі. «На сённяшні момант мы бачым мала дэмакратызацыі. Але калі гэта адбудзецца, мы, вядома, падтрымаем Беларусь. Аднак тое, што я пачула ўчора, калі шчыра, не гучала надта аптымістычна», -- заявіла Ангела Мэркель пасля сустрэчы з беларускімі апазіцыянерамі.
Японскія даследнікі атрымалі прэмію за шэраг навуковых доследаў, што мелі паказаць, якая канцэнтрацыя ўасабі ў паветры дастатковая, каб абудзіць чалавека. «Мы думалі пра тое, як абудзіць людзей з парушэннямі слыху ў выпадку надзвычайнай сітуацыі. Адказ просты -- спрэем ўасабі. Аптымальная канцэнтрацыя ўасабі ў паветры складае ад 5 да 30 мільённых доляў. Так што гэты прыз прызначаны не толькі стваральнікам, але і тым, хто выпрабоўваў наш сродак на сабе. Я вельмі цаню вашую мужнасць і прагу да супрацы», -- гаворыць Макато Імаі, даследнік з Японіі.
"Сітуацыя для беларускіх уладаў складаная -- і з эканамічнага і з палітычнага гледзішча. "Усходняе парнёрства" застаецца мабыць нават адзнаю магчымасцю інстытуцыйнага супрацоўніцтва, - гаворыць Дзяніс Мельянуоў. - Беларусь пасля выбараў не была выключаная з "Усходняга партнёрства", было падкрэслена некалькі разоў, што Беларусь нягледзячы на тое, што застаецца аўтарытарнаю краінаю, мае поўнае сяброўства ва "Усходнім партнёрстве" і гэта пэўны іміджавы плюс для беларускіх уладаў".
Урачыста распачала дзясяты год свайго існавання духоўная семінарыя ў Пінску. Установа была закрытая ў савецкія часы, але дзякуючы намаганням кардынала Казіміра Свёнтэка яна аднавіла працу ў 2001 г. Урачыста ў дзень нябеснага апекуна Беларусі святога Міхала Архангела духоўная семінарыя ў Пінску распачала новы навучальны год. Сёлетнія семінарысты -- васьмёра юнакоў. АНДРЭЙ САНТОЦКІ, НОВЫ НАВУЧЭНЕЦ СЕМІНАРЫІ: "Хачу вучыцца тут, авалодваць беларускаю моваю ды імкнуцца служыць людзям ды несці да іх слова Божае, Хрыста на іхнай роднай мове, каб не аддаляць людзей ад царквы, ад хрысціянства".
Пракурор Віцебскай вобласці Генадзь Дыско, звольнены за недагляд у справе выбухаў, вярнуўся на сваю пасаду. Аднавіў чыноўніка пасля гучнай адстаўкі генпракурор Аляксандр Канюк. Гэта першае кадравае рашэнне новага кіраўніка пракуратуры. АЛЕГ ВОЛЧАК, ПРАВААБАРОНЦА: "З увагі на тое, што яго знялі за неадпаведнае выкананне службовых абавязкаў і праз два месяцы аднавілі, вядома, выклікае пытанні абектыўнасць гэтага рашэння. Цяпер гэты чыноўнік будзе больш кіраваны і лагодны". Папярэднік Канюка Рыгор Васілевіч, узгадніўшы рашэнне з прэзідэнтам, два месяцы таму зняў Генадзя Дыска з пасады ў сувязі з расследаваннем тэракту ў сталічным метро ды папярэдніх выбухаў у Віцебску і Менску.
Уладзіміра Някляева, які бярэ ўдзел у саміце "Усходняга партнёрства", дома чакаюць сілавікі. Жонцы экс-кандыдата на прэзідэнта міліцыянты ўручылі позву на імя мужа, з патрабаваннем прыйсці сёння ў Ленінскае раённае ўпраўленне ўнутраных справаў сталіцы. Чым гэта можа скончыцца для палітыка, якому паводле апошняга рашэння суда забаронена без дазволу пакідаць межы гораду? Пасля таго, як у кватэры Някляевых жылі аператыўнікі КДБ, да візітаў участковага і куратара там звыклыя. ВОЛЬГА НЯКЛЯЕВА, ЖОНКА ЭКС-КАНДЫДАТА: "У нас ва ўмовах напісана, што з восьмай гадзіны вечара Уладзімір Пракопавіч мусіць быць дома".
Тое, як Еўропа ставіцца да падзеяў у нашай краіне, адмыслова для "Абектыву" пракаментаваў міністр еўрапейскіх справаў Вялікай Брытаніі Дэйвід Лідынгтан. ДЭЙВІД ЛІДЫНГТАН, МІНІСТР ЕЎРАПЕЙСКІХ СПРАВАЎ: "Мы асуджаем арышты апазіцыйных лідараў і актывістаў, задушэнне правоў чалавека, якія адбыліся пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 г. Мы хочам выказаць салідарнасць з людзьмі ў Беларусі, якія прагнуць бачыць базавыя еўрапейскія стандарты свабодаў і правоў чалавека. Мы будзем надалей пераказваць гэтую інфармацыю спадару Лукашэнку, а таксама ягонаму ўраду".