Размовы пра адмену або хаця б спрашчэнне візавага рэжыму паміж Літвой і Беларуссю цягнуцца гадамі. Цяпер жа, здаецца, лёд крануўся: Літва вырашыла выдаваць доўгатэрміновыя візы для беларусаў бясплатна. ВІКТАРАС ДАГІЛІС, КОНСУЛЬСКІ ДЭПАРТАМЕНТ МЗС ЛІТВЫ: «Такія візы выдаюцца ў выпадку, калі неабходна прабыць у Літве больш за 90 дзён на паўгода». То бок візавае паслабленне закранае далёка не ўсіх ахвотнікаў наведаць Літву ды іншыя еўрапейскія краіны. ЮСЦІНАС КАРОСАС, КАМІТЭТ ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ СЕЙМУ ЛІТВЫ: «Гэтыя нацыянальныя візы, бясплатныя, будуць выдавацца не ўсім ахвотным паехаць з Беларусі ў Літву, а толькі спартоўцам, студэнтам, дзелавым людзям.
Катаванне, вярбоўка КДБ -- свабода. Пра тое, якім чынам яго вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе, медыям распавёў кіраўнік выбарчага штабу Андрэя Саннікава Уладзімір Кобец. Месяц знаходжання ў СІЗА Камітэту дзяржбяспекі, паводле яго, можна параўнаць толькі з гестапа. УЛАДЗІМІР КОБЕЦ, БЫЛЫ ПАЛІТВЯЗЕНЬ: «З нас здзекаваліся байцы невядомага падраздзялення ў масках, узброеныя электрашокерамі і дубінкамі. Нас абшуквалі, прымушаючы распранацца дагала і прысядаць, ставілі на расцяжкі і білі ботамі па нагах, ганялі па стромкай лесвіцы ў кайданках, абражаючы і зноў наносячы ўдары па нагах».
231 чалавек -- абсалютная большасць дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12 склікання дваццаць гадоў таму прагаласавлі за вяртанне нацыянальных сімвалаў на дзяржаўны ўзровень. ЮРЫЙ БЕЛЕНЬКІ, ДЭПУТАТ ВС БССР ХІІ СКЛІКАННЯ: Была цяжкая работа, каб пераканаць камуністычную большасць, што гэта неабходна для нашай гісторыі, для нашага народа, для нашай перспектывы. У Авальную Залю Вярхоўнага Савету дзе прымалася гістарычнае рашэнне, нацыянальны сцяг уносіла Галіна Сямдзянава. Якая па трагічнаму збегу абставінаў сыйшла з жыцця акурат напярэдадні дваццацігоддзя сімвалаў Незалежнасці.
Набыццё валюты выключна з пашпартам. Пра такую перспектыву беларусаў папярэджвалі раней. Цяпер жа старшыня Нацбанку назвала канкрэтную дату, калі ў абменніках запатрабуюць нашыя пашпартныя звесткі. НАДЗЕЯ ЕРМАКОВА, СТАРШЫНЯ НАЦБАНКУ БЕЛАРУСІ: «Набыванне валюты з пашпартам будзе ўведзенае з 1 кастрычніка. Праграмнае забеспячэнне практычна падрыхтаванае, але мы яго будзем яшчэ тэставаць». Пры гэтым Надзея Ермакова адзначыла, што адзіная сістэма ўліку будзе дзеяць ува ўсіх банках. Ніякіх абмежаванняў на суму валюты, якую будуць набываць пакупнікі, Нацбанк абяцае не ўводзіць.
Паралелі: У Нарвегіі таксама ідзе суд у справе тэракту Абвінавачанага Брэйвіка пакінулі ў поўнай ізаляцыі на месяц. Суд Осла падоўжыў тэрмін зняволення для Андэрса Брэйвіка, якога абвінавачваюць у падвойным тэракце 22 ліпеня ў Нарвегіі. Ахвярамі тэракту сталіся 77 чалавек: 8 асобаў загінулі ў выніку выбуху ва ўрадавым квартале Осла, 69 чалавек -- пры страляніне ў моладзевым палітычным лагеры на выспе Утэя. 19 верасня суд пакінуў Брэйвіка за кратамі яшчэ на восем тыдняў. Чатыры з іх абвінавачваны правядзе ў поўнай ізаляцыі, бо праз сукамернікаў ён можа звязацца з магчымымі суўдзельнікамі.
"Трэба зрабіць першы крок. Бессэнсоўна гадаць, колькі людзей прыйдзе на сход. Кожны, хто ўсведамляе неабходнасць зменаў, мусіць зрабіць усё, каб людзей паінфармаваць. Мы даем магчымасць прыйсці: юрыдычную, інфармацыйную, арганізацыйную. Трэба пачынаць, трэба браць лёс у свае рукі", -- зазначае чалец аргкамітэту.
«БРОНЗА» МІХНЕВІЧА Беларускі штурхальнік ядра Андрэй Міхневіч заняў 3-е месца на заключным этапе Брыльянтавай лігі па лёгкай атлетыцы, які прайшоў у бельгійскім Бруселі. У сваёй найлепшай спробе беларус адправіў ладунак на 21 м 56 см. Яшчэ адзін наш атлет, Павел Лыжын, паказаў 8-ы вынік. У агульным заліку сярод штурхальнікаў ядра пераможцам стаў канадзец Дылан Армстранг, які набраў 17 пунктаў па выніках сямі этапаў. Наш суайчыннік Андрэй Міхневіч з двума баламі размясціўся на 6-й пазіцыі.
ТРАГЕДЫЯ НА АВІЯШОУ Адно з найбуйнейшых амерыканскіх авіяшоу абярнулася трагедыяй. Знішчальнік часоў Другой сусветнай вайны "P-51 Mustang" падчас манеўру ўпаў у натоўп гледачоў. Прынамсі тры чалавекі загінулі, больш за паўсотні параненыя. Відавочцы цвердзяць, што у апошні момант пілот здолеў адвесці самалёт убок, што перадухіліла павелічэнне ахвяраў.
Для кагосьці -- вечар выходнага дня, а для кагосьці -- чарговыя содні за кратамі. Традыцыйнай акцыяй салідарнасці "16-га" ў літоўскай сталіцы згадалі палітвязняў Беларусі. Сваё падтрыманне Алесю Бяляцкаму выказвалі сёння жыхары Варшавы. Падобна, што блізкі 49-ы дзень народзінаў вядомы праваабаронца сустрэне ў следчым ізалятары на Валадарскага.